ПРЫАТЛАНТЫ́ЧНАЯ НІЗІ́НА.

У Паўн. Амерыцы, у ЗША. Акаймоўвае Атлантычнае ўзбярэжжа ад Нью-Йорка да паўд. краю п-ва Фларыда. Шыр. ад 30 да 350 км. У аснове П.н. ляжаць палеазойскія крышт. структуры, перакрытыя вапнякамі і пясчанікамі мелу і палеагену. Паверхня плоская, выш. да 100 м. У паўн. ч. ўзбярэжжа расчлянёна глыбокімі залівамі (Дэлавэр, Чэсапікскі), на Пд — берагі лагуннага і маршавага тыпу са шматлікімі пясчанымі косамі, у паўд. краі Фларыды — каралавыя рыфы. Углыб П.н. лагуны змяняюцца азёрамі, балотамі і плоскімі марскімі тэрасамі, перарэзанымі шырокімі поймамі рэк. Уздоўж большай ч. ўзбярэжжа — цячэнне Гальфстрым. Клімат субтрапічны, мусоннага тыпу, на Пд Фларыды — трапічны. Зіма цёплая, дажджлівая, на Пд Фларыды — сухая. Сярэднія т-ры студз. 5—10 °C. Частыя цыклоны прыносяць дажджы і паніжэнне т-ры да 0 °C. Лета гарачае і дажджлівае. Сярэднія т-ры ліп. 22—28 °C. Ападкаў 1000—1400 мм за год. Лясы з хвоі доўгаіглістай, хлыстовай, ладаннай, факельнай. На водападзельных слабаўзгорыстых участках лясы мяшаныя хваёва-дубовыя, з карлікавай пальмай у падлеску; балоты. Вырошчваюць бавоўнік, тытунь, рыс, сорга. Яблыневыя і персікавыя сады. Гал. гарады: Нью-Йорк, Філадэльфія, Балтымар, Вашынгтон.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 13, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)